Юрый Жыгамонт: “Волаты жывуць сярод нас!”

«Я не гісторык», — кажа Юрый Жыгамонт. Але, рыхтуючы тэлеперадачу пра падарожжы па Беларусі, ён зрабіўся амаль што чалавекам-энцыклапедыяй. «Я не фалькларыст»- упэўнівае ён. Але рупліва захоўвае ў сваім сакваяжы паданні болей чым з 400 беларускіх вёсак. «Я акцёр», — сцвярджае Юрый. Але ён не іграе ў сваёй перадачы, а шчыра захапляецца гісторыяй Беларусі і захапляе іншых.

Напэўна, у рэдкім спалучэнні ўсіх гэтых якасцей і хаваецца сакрэт незгасаючай цікаўнасці да яго праграмы «Падарожжы дылетанта», якая штотыдзень на працягу 14 год выклікае ў гледачоў шчымлівае жаданне нешта шукаць. Але што шукаць? І дзе?..


Нашы легенды збудаваны на моцным падмурку

— Вядома, што сцежкі гісторыі немінуча пераплецены з легендамі. Часам менавіта зачараванасць нейкімі таямнічымі паданнямі выклікае цікавасць да фактычных гістарычных падзей. Узяць, напрыклад, містычную легенду пра прывід пані Ядзвігі Любанскай, які гуляе ўначы ў Лошыцкай сядзібе. Існуе столькі загадкавых версій, чаму яна загінула, што можна заблытацца…

— Насамрэч ніхто дакладна не ведае, што адбылося ў Лошыцкай сядзібе сто з лішнім гадоў таму. Можа, проста човень перакуліўся. І не было ніякага кахання, якое Ядвісі прыпісваюць. Але ёсць старажытны парк, і павінны быць легенды. Як і пра чорную пані Нясвіжа — Барбару Радзівіл. Яна ж ніколі не была ў Нясвіжы. Жыла ў Вільні і ў Кракаве, а памерла на трыццаць з лішнім гадоў раней, чым пачалі будаваць замак у Нясвіжы.

-- Імя Барбары Радзівіл ахутана прыгожай легендай і вядома кожнаму. А колькі беларускіх жанчын, якімі мы маглі б ганарыцца, застаюцца безыменнымі зоркамі на небасхіле нашай гісторыі. Мы іх для сябе яшче не адкрылі…

--У Беларусі столькі выдатных жаночых постацей, якія шмат зрабілі для сваёй Радзімы! Амаль у кожным старажытным мястэчку можна знайсці сляды цікавага лёсу. Але з часам яны могуць знікнуць назаўсёды, мы павінны спяшацца. На жаль, ажыятажу ў пошуках гэтых нацыянальных каштоўнасцей – імёнаў-зорак ды зорачак — пакуль не бачна. Напрыклад, пра жонак дзекабрыстаў шмат вядома і напісана, а колькі нашых беларусак з’ехала ў Сібір за сваімі мужамі-паўстанцамі 1863 года! А таленавітая мастачка і скульптарка з старажытнага роду Піншчыны Гэлена Скірмунт, пляменніца Напалеона Орды? Яна сама ўдзельнічала ў тым паўстанні. Па дарозе ў ссылку ў Тамбоў Гэлена пісала дзённікі, дзе шчыра выказвала свае думкі аб палітыцы расійскіх уладаў у тагачаснай Беларусі, разважала пра нацыянальную годнасць беларусаў. Яна рана памерла, але паспела ў ссылцы стварыць незвычайныя шахматныя фігуры – выявы славутых дзеячоў Рэчы Паспалітай, якія ўдалося вывезці на Венскую мастацкую выставу. Яе сучаснік Залескі прысвяціў ёй кнігу «З жыцця літвінкі», якая толькі праз сто з лішнім гадоў перакладзена на беларускую мову і выдадзена ў Беларусі.

-- А ў чым адметная асаблівасць беларусіх старажытных легенд?

-- Вазьміце беларускія казкі пра гераічных волатаў-асілкаў, што перамагаюць розных пачвар. Яны на самой справе жылі і зараз жывуць — я адчуваю — гэтыя прыгажуны, народжаныя на нашай зямл! Колькі назваў беларускіх вёсак да нашых часоў захавалася: Валаты — у Слуцкім, Валатоўкі – у Лепельскім, Міёрскім, Расонскім і іншых раёнах, а яшчэ ёсць курганы-валатоўкі.

У нас было шмат волатаў і сярод князёў, і сярод звычайных людзей. Ваяводу Вялікага княства Літоўскага Юрыя Радзівіла сучаснікі звалі Геркулесам за сілу, але і за мужнасць: з невялікім корпусам ён узяў пяць крыжацкіх замкаў, ў трыццаці бітвах быў пераможцам, пасля чаго Тэўтонскі Ордэн папрасіў міру. А ў вёсцы Старое Сяло пад Віцебскам ў 1878 годзе нарадзіўся самы высокі чалавек на Зямлі — Фёдар Махноў. Яго рост быў 285 сантыметраў!

У нас няма прыдуманага, наша гісторыя сапраўды створана нашымі продкамі. І легенды збудаваны на моцным падмурку, які не разбураецца Як той міф пра Івана Сусаніна.

У савецкія часы выдуманыя героі былі важнейшыя за сапраўдных

— А калі гаварыць пра герояў не старажытнасці, а іншых часоў… Я і зараз згадваю як на 9 мая да нас у школу запрасили ветэрана, дзеда Сінічку, як усе яго звалі, бо прозвішча яго было Сініцкі. І мы чакалі, што ён раскажа, як фрыцам галовы адкручваў. А ён пачаў гаварыць пра тое, як выжыць у палоне, куды з першага дня вайны трапіў на чатыры гады: «У палоне трэба дапамагаць адзін аднаму. Ты ўпаў, табе дапамогуць, ён упаў, ты дапаможаш». «Дык каго ты забіваў? — пытаем у яго. «Ды нікога мы не забівалі!» Да таго часу аб існаванні такіх рэчаў я нават не здагадваўся. Тое, што я чуў пра вайну ад свайго дзеда, (на жаль, другога майго дзеда забралі ў 1937-ым, а ў 1938-ым расстралялі ў Горкім) і пра што гаварылі ў школе — гэта былі дзве вялікія розніцы. Мы ведалі, што подзвіг — на вайне, герой – гэта той, хто трымае зброю ў руках. Зараз з’яўляюцца архіўныя дакументы, праўда пачынае раскрывацца. Напрыклад, подзвіг 28 панфілаўцаў, які ваенная пракуратура СССР яшчэ ў 1948 і 1988 гадах прызнала мастацкім вымыслам савецкага карэспандэнта. Сам факт цяжкіх абарончых баёў каля раз’езда Дубасекава не выклікае спрэчак. Спрэчкі ў іншым. У той дзень з нямецкімі танкамі біўся ўвесь полк, загінула болей чым 100 чалавек. Але героямі абралі «28 панфілаўцаў», аб гераізме якіх самі палкавыя камандзіры даведаліся з газетнага нарыса. Праблема савецкага часу ў тым і была, што выдуманыя героі былі важней за сапраўдных. 

А Вітаўт, Сапегі — гэтыя нашы волаты сапраўды былі!

-- Вядома, што вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары быў волатам-асілкам: ламаў падковы. Узгадваючы ваша прозвішча, міжвольна пачынаеш шукаць рысы партрэтнага падабенства. І нават знаходзіш іх, напрыклад … у вашай постаці, у высокім росце. Вы ж, ведаю, шукалі свае карані ў архівах. 

-- Я зрабіў свой радавод, дайшоў да дзявятага калена. І ведаю, што ўсе мае продкі па бацьку і па маці з канца XVIII стагоддзя жылі ў адной вёсцы Дзямідаў Нараўлянскага раёна. Мелі шмат зямлі, былі ўсе багатыя. Дарэчы, мая прапрабабуля была дачкой войта, пражыла больш за сто гадоў.

Наш скарб – гісторыя, і яна бярэ пачатак з глыбіні вякоў, а не з 1917 года

-- Адкуль у вас такія грунтоўныя веды па гісторыі, вы ж акцёр па адукацыі?

-- Так, я скончыў Тэатральна- мастацкі інстытут. Удзельнічаў у стварэнні тэатра «Вольная сцэна». Доўгі час служыў у Тэатры юнага гледача. Спачатку мяне запрасілі весці перадачу «Падарожжа дылетанта» як акцёра. Але я ў гэты праект пагрузіўся, зараз раблю ўсё сам. За тыдзень мне трэба падрыхтаваць цалкам праграму: знайсці матэрыял, напісаць сценарый, паехаць засняць, зманціраваць.

Шчыра прызнацца, для мяне дзіўна ўяўляць, што нехта можа не ведаць, хто такія Вітаўт, Гедымін, Альгерд, Жыгімонт. Гэта наша гісторыя. І мы павінны яе ведаць. Мы павінны раскопваць свае карані. Там, унізе, скарб ляжыць, але мы ім не карыстаемся. Карыстаюцца іншыя народы: палякі, літоўцы, рускія. Мы чамусьці пачынаем вывучаць гісторыю Беларусі з рэвалюцыі 1917 года, з Другой сусветнай вайны. А вы паглядзіце, якія ў нас карані! Яны ідуць з Вялiкага княства Лiтоўскага, яшчэ глыбей. Вазьміце нашых рыцараў. Хто перамог крыжакоў под Грунвальдам? Аршанскую бітву выйграў? Гэта ж такія славутыя бітвы!

Але корань адродзіцца, я веру, яго секлі не аднойчы, але ён адрасце.

-- Вы жывеце гісторыяй, а што яшче сілкуе вашу душу?

--Праект «Падарожжа дылетанта» займае ўвесь мой час. Я шчаслівы, што раблю справу, якую люблю. І буду ёй займацца, колькі Бог дасць.

Таксама ў свой вольны час, гэта некамерцыйны праект, завершыў удзел у запісе аўдыякнігі — Бібліі на беларускай мове. Я чытаю чатыры евангеллі: ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана. Чалавек, едучы ў машыне, зможа праслухаць Біблію. Кніга прайшла тысячагоддзі. Усе гэтыя прытчы — звод законаў для нашага жыцця. Падставіць другую шчаку. Што гэта значыць? Не пускаць злобу ў сябе. Усміхнуўся і пайшоў. Калі на зло адказваеш злом, у паветры з’яўляецца згустак зла. А ты раз – і не пусціў яго: і сябе не разбураеш, і ў паветры яно знішчаецца.

Калі жывеш толькі днём сённяшнім, цябе нічога не трэба. Падмануў, і жыві сабе. А калі ты жывеш Вечнасцю, і твая душа жывая і не ідзе ў пустэчу, то будзеш па-іншаму сябе паводзіць.

--Якім вам бачыцца лёс нашай краіны?

--У мяне такое ўражанне, калі ты чытаеш, пішаш сцэнарый: там X стагоддзе, тут XII стагоддзе, XIII стагоддзе, раз – і перакідваешся ў XVIII стагоддзе… І ты бачыш, што зямля, людзі — усё ідзе сваім парадкам, і ўсё жыве. Ідзе паўтарэнне, але і кудысьці рухаецца. Колькі нас ні заваёўвалі, колькі ні знішчалі нашу мову, яна жыве. Агеньчык яе не згасае. І зараз у нас стан такі: тыя людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, павінны захоўваць гэты агонь. А потым ужо мільёны могуць падысці і запаліць свае паходні ад агня, які падтрымліваюць два-тры чалавекі.

Галоўнае, каб гэты агонь быў.

Так, Юрый Жыгамонт валодае дарам натхняць! Нешта пераадолець у сябе. Ляноту, няўпэўненасць ці страх. І знайсці сапраўднае. Свае карані, свае вытокі.  

Знайсці калі-нібудзь ў самім сабе волата!

Ала ЖУР.