Сон

Некалькі разоў Таццяне сніўся адзін і той жа сон. Сонечны дзень, па квітнеючаму лугу, усміхаючыся, бяжыць яе ненароджаная дачушка. Немаўля радуецца сустрэчы з маці, але побач з жанчынай з’яўляецца адзе­ты ва ўсё чорнае чалавек. Яна ведае, што гэта – урач, але ў яго руках – жудасныя інструменты. Калі дачушка набліжаецца, Таццяна чамусьці адпіхвае яе да чалавека ў чорным, а той пачынае сваімі прыладамі катавання разрываць цела дзяўчынкі на кавалкі.
…У халодным поце, з крыкам, Таццяна прачыналася. Прачынаўся ад яе крыкаў і муж, спрабаваў супакоіць жонку, цалуючы мокры ад слёз твар. Жанчына падхоплівалася і бегла ў суседні пакой, дзе спаў сямігадовы сын. Ужо шмат разоў ён прасіў маці, каб нарадзіла яму браціка альбо сястрычку – у сям’і яго лепшага сябра падрастала чацвёра дзетак.
Некаторы час жанчына сядзела ля ложка сына, а потым клалася, але да самай раніцы не магла нават вочы заплюшчыць, не тое што заснуць.
…Калі Таццяна адчула, што зацяжарыла ў другі раз, Мікітку толькі-толькі споўніўся годзік. Яе, студэнтку медыцынскага інстытута, чакалі дзяржаўныя экзамены. Муж, малады спецыяліст, зарабляў зусім мала, хоць і працаваў інжынерам. Жыла маладая сям’я ў маленькім пакойчыку інтэрната і пра асобнае жыллё толькі марыла. Усе знаёмыя, каму Таццяна расказала аб цяжарнасці, нібы згаварыўшыся, пераконвалі: толькі аборт.

Полная версия в журнале № 4, 2016 год.

Марыя МЯЖЭВIЧ.