Валун-ахоўнік

Мая малая радзіма — вёска Добры Бор, што ў Баранавіцкім раёне. Тут засталася бацькоўская хата, куды мы прыязджаем з сястрой, нашымі дзецьмі і ўнукамі, каб падтрымаць прыгажосць спадчыны.
Мы едзем па шырокаму гасцінцу. Далей дарога пабегла паўз малады лясок, на ўскрайку якога расце мноства рабін. Сцяжынка, што з правага боку вядзе ў таямніцу, ва ўрочышча Маргач — так завецца гэта месца, дзе знаходзіцца славуты на ўсю акругу лекавы валун-захавальнік Добрага Бору і яго ваколіц.
Аб гэтым камяні, які калісьці данеслі да нас хвалі скандынаўскіх ледавікоў, існуюць легенды. Адпаведна з імі, па гэтых мясцінах праходзіла Маці Боская. Спатыкнулася яна аб гэты валун і параніла нагу — на камяні ёсць адбітак чалавечай ступні.
Я не ведаю, ці была тут Маці Боская, але гэтыя паданні мне даспадобы, і я сама была ў гэтым чароўным месцы.
Сіла каменя-абярэга дае людзям нешта большае: веру ва ўсемагутнасць дабрыні. Месца ахоўваецца тутэйшымі жыхарамі. Паломнікі пакідаюць свае ахвяраванні. На камяні, на адбітку босай нагі, ляжаць цэнты, кроны, маркі, украінскія грыўны, беларускія і рускія рублі, польскія злотыя і нават жэтоны для тэлефонаў-аўтаматаў.
Валун гэты хацелі знішчыць фашысты ў 1944 годзе, але іх намаганні разбілі народныя мсціўцы. Другі раз — у 1963 годзе ваяўнічыя атэісты, у трэці — лясныя гаспадарнікі. Але дзівосная сіла, якая заключана ў камені, не аддае яго ні ганьбе, ні знішчэнню.
Непадалёк ад валуна расце адзінокі дуб. Ён таксама лічыцца святым. Там жа, на асушаным пабярэжжы ракі Шчары, знаходзіцца стаянка першабытных людзей, якія жылі ў гэтых мясцінах у ІІІ-ІІ тысячагоддзях да нашай эры. Раскопкі праходзілі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя.
Шмат працавала тады каля нашай вёскі археолагаў. Нават мы, мясцовыя школьнікі, ім дапамагалі. Было вельмі цікава. Мы знаходзілі розныя прылады працы, чарапкі посуда з гліны, іншыя каштоўныя рэчы. За дапамогу археолагам мне нават нейкія грошы заплацілі. Бацькі дабавілі яшчэ крыху да майго заробку і купілі ў гаспадарку парасятка.
У гэтым годзе вёска Добры Бор адзначыць сваё 455-годдзе. Я вельмі ганаруся тым, што нарадзілася менавіта ў гэтай прыгожай старажытнай мясціне, ганаруся сваімі бацькамі, сваёй спадчынай. Памяць сэрца — гэта назаўсёды.
Без мінулага няма сучаснасці, а значыцца, няма будучыні. Кожны грамадзянін павінен ведаць сваю гісторыю і ганарыцца ёю, ганарыцца тым, што мы жывём у прыгожай, сінявокай Беларусі!

Марыя Карповіч, г. Баранавічы.

Ад рэдакцыі. Дарагія чытачы, раскажыце і вы пра свой куточак роднай зямлі, дзе нарадзіліся, выраслі, жывяце. Давайце зробім своеасаблівае падарожжа па родных мясцінах нашай краіны.