Як думаю, так і пішу

Вымаючы з паштовай скрыні чарговы нумар «Гаспадыні», у каторы раз перажывала пачуццё радасці, бы ад сустрэчы з сябрам. Так, часопіс сапраўды стаў верным сябрам, які вось ужо больш за 20 гадоў штомесяц імкнецца парадаваць сваім прыходам. Ён — кампетэнтны субяседнік і дарадчык у самых розных накірунках жыцця. А яшчэ асабіста мяне падкупліваюць сваёй шчырасцю і адкрытасцю артыкулы «для душы». …Пятніца, 7.30 раніцы. Цягнік метро шпарка імчыць з Уручча ў Малінаўку, спяшаецца давезці паўсонных пасажыраў да патрэбнай ім станцыі. Побач на сядзенне апускаецца жанчына гадоў 50-ці, раскрывае «Гаспадыню» і пачынае чытаць «О чем мечтал парень». Менавіта гэты артыкул паспела прачытаць і я, бо толькі ўчора вечарам атрымала часопіс. Апісаная гісторыя кранула да слёз. «Открывая номер», «Из непридуманного», «Медуница» — мае любімыя раздзелы, пры чытанні якіх часта «мурашкі па скуры». Вялікі дзякуй, шаноўная «Гаспадынька»! Сваімі матэрыяламі ты бы святар альбо псіхолаг лечыш людскія душы, якія, на жаль, таксама маюць патрэбу ў леках. «Гаспадыня» — бы сапраўдная аптэка для душы. Узяць хоць бы апошні, сакавіцкі нумар. «Важна адно…», «Не там, дзе балююць, а там, дзе баліць», «И зарыдала туча холодным дождем», «Пассажирка», матэрыялы раздзела «Мир с Богом». Большую частку нумара можна смела выкарыстоўваць для самалячэння, не баючыся перадазіроўкі. На жаль, сёння многія людзі дбаюць толькі аб матэрыяльным, зямным. Яны не хочуць і не імкнуцца спасцігнуць другі бок рэчаіснасці — духоўны. Дабрыня і спагада, тактоўнасць і ветлівасць успрымаюцца як непатрэбныя перажыткі мінулага. Але ж на смяротным ложы чалавек не ўспамінае, як прыгожа ён апранаўся і смачна еў, альбо, наогул, як шыкоўна жыў у параўнанні з іншымі. Перад парогам Вечнасці менавіта матэрыяльнае губляе ўсялякі сэнс: чалавек прыходзіць у гэты свет, не маючы нічога, і адыходзіць, нічога з сабою не забраўшы. І толькі духоўныя скарбы, якія ён паспеў здабыць за сваё жыццё, бясцэнным багажом кіруюць следам за ім, увекавечваючы імя чалавека. Многія вучоныя розных галін навукі ўжо даўно прыйшлі да высновы, што гамасапіенс мае не толькі матэрыяльнае цела, але і эфірнае — бессмяротную душу. Дык давайце ж дбаць і аб ёй, гэтай загадкавай і чароўнай субстанцыі.

Марыя Мяжэвіч, п. Валяр’янава, Мінскі раён.

Р.S. Прабачце за сумбурнасць. Як думала, так і пісала.