Не там, дзе балююць, а там, дзе баліць

Адны людзі лю­бяць жыць, дру­гія — жыццё. Першыя раўна­душна назіраюць за нава­коллем, наладжваюць свой дабрабыт, другія ад іскрынкі неўтаймаванай энергіі, падараванай пры­родай, запальваюць по­лы­мя. Гэты жар цяпла накіраваны на тое, каб сваю жыццёвую радоўку не проста адбываць, а пражываць, напаўняючы яе чымсьці карысным і прыемным для іншых. Менавіта такая існасць паводзін прыгожай ва ўсіх адносінах Тамары Мікалаеўны Круталевіч з г. Беразіно, загадчыцы аддзела маркетынгу Бярэ­зінскай раённай бібліятэкі, старшыні раённай арга­нізацыі грамадскага аб’яд­нання «Беларускі саюз жанчын». На першы погляд, у жанчыны вельмі сціплая прафесія, але ж яе неардынарнасць, харызма, талент знайшлі прызнанне. Яна — Жанчына года рэспубліканскага ўзроўню, яе партрэт упрыгожвае раённую Дошку гонару, яна узнагароджана мноствам грамат. Толькі не дзеля славы наша крэатыўная дабратворца жыве на зямлі. Яе наватарскія пра­екты бібліятэчнай справы скіраваны на ўменне заўважыць у кожным ча­лавеку яго годнасць, пра што яна з такой душэўнасцю вядзе аповед на сваіх нестандартных мерапрыемствах, якія пастаянна збіраюць аншлаг. Тамара Мікалаеўна і сцэнарыст, і рэжысёр, і вядучая. Гэта дзякуючы ёй адбыліся чатыры вечарыны памяці найярчэйшых зорак Бярэзіншчыны. «Памяць вершам прарасце» была прысвечана нашай зямлячцы Гертрудзе Пятроўне Шчур; «Не кажыце, што была, а з гонарам свяціла» — былому дырэктару музея драўлянай лыжкі Ганне Аляксандраўне Ждановіч; «Я не ў зямлю, я ў песню сыйду» — пра дырэктара музычнай школы Вячаслава Міхайлавіча Сахава і інш. У кожным з гэтых праектаў шчырая любоў да землякоў. Разумная, абаяльная, шчодрая на ласкавае слова, яна штодзённа сустракаецца з мноствам герояў сваіх праектаў, прымае ўдзел у розных акцыях. На высокіх абцасах, пешшу, з падарункамі не забудзе наведаць адзінокіх матуль, запросіць кожнага малазабяспечанага ў ад­крытую і пастаянна запоўненую таварамі бяс­платную лаўку. Тамара Мікалаеўна ўсім паспачувае, дапаможа. Больш за 15 год вядзе «Школу аптымізму», тэма­тыка якой прысвечана інва­лідам. Яна ўся — для ўсіх. А ў самой — цяжкі камень на душы: страта любімай дачушкі, аспіранткі, у росквіце сіл. Трэба было мець вялікую сілу волі, каб не зламацца, перамагчы боль, не даць чорнаму туману маркоты авалодаць яе станам. Гэтая страта навучыла Тамару Мікалаеўну спа­знаваць цану кожнай хвіліны, даражыць кожным днём. Як яна сама падкрэслівае, адлюстраваны ў тваёй слязе свет бачыцца кволым, патрабуе міласэрнасці, вымушае быць не там, дзе балююць, а там, дзе баліць.

Ніна Бурко, г. Беразіно.