Іх жыццё — подзвіг

Яны не ўмелі жыць «для сябе» ў сучасным варыянце. Іх «для сябе» значыць для сям’і, для дзяцей, колькі Бог паслаў. Сэнс жыцця заключаўся ў тым, каб усю сябе без рэшты аддаць дзецям, ахінуць, ахутаць бязмернай мацярынскай любоўю, што засцеражэ яе крывіначак ад бяды. Я сёння хачу назваць паіменна маці-гераінь, якія сваё жыццё пражылі на маім Хутары, дзе стаяла каля 70-ці хат. У маладосці яны перажылі страшэнную вайну, былі маімі суседкамі, і я ведала асабіста ўсіх іх дзяцей, што ў гэтым спісе. Трэцяя частка сямей на Хутары былі шматдзетнымі — мелі ад пяці дзяцей. Большасць астатніх гадавалі па чацвёра і трое. Адзінкі мелі двое. Булыга Праскоўя Архіпаўна выгадавала васьмёра дзяцей; Дударэнка Надзея Ахрэмаўна — пяцёра: Жудро Ніна Ахрэмаўна — шасцёра; Загорац Соф’я Сяргееўна — сямёра; Кудравец Марыя Аркадзьеўна — сямёра; Кукса Марыя Апанасаўна — шасцёра; Кукса Алена Логвінаўна — пяцёра; Півавар Праскоўя Сцяпанаўна — пяцёра; Півавар Юлія Нікіфараўна — сямёра; Півавар Ніна Паўлаўна — пяцёра; Ракіцкая Марыя Мікалаеўна — шасцёра; Ракіцкая Марыя Аляксандраўна — сямёра; Ракіцкая Надзея Логвінаўна — сямёра; Ракіцкая Юстыня Пракопаўна — дзевяцёра; Ракіцкая Мар’я Сяргееўна — сямёра; Рог Настасся Іванаўна — шасцёра; Сенька Ніна Савічна — шасцёра; Сенька Настасся Рыгораўна — пяцёра; Сяўрук Зінаіда Карпаўна — шасцёра; Фурман Вольга Карпаўна — сямёра. У свой час кожная з іх была ўзнагароджана медалямі і ордэнам «Маці-гераіня», бо ўсе яны ў поўнай меры былі Маці, здзейсніўшы свой мацярынскі подзвіг — пры неверагодных пасляваенных цяжкасцях ніводная з іх не пакінула сваё дзіця, не аддала нікому на выхаванне. Жыццёвая гісторыя кожнай жанчыны з гэтага спісу вартая аповесці. А тым часам адыходзіць у нябыт іх так мала апеты сучаснікамі самаахвярны подзвіг. Усё меней застаецца маці-гераінь пасляваенных гадоў сярод нас. Чаму б тых, хто яшчэ жывы, не ўключыць у спісы ветэранаў вайны? Яны вартыя павагі не толькі з боку сваіх дзяцей, яны павінны быць вядомымі маладому пакаленню. Яны вартыя больш пільнай увагі грамадства. Няхай жа Божая Маці сваім усемагутным Пакровам захіне і абароніць усіх дзяцей і іх матуль ад бед і нягод.

Людміла Дударэнка, Петрыкаўскі раён.