Сяргей КАРЫЦЬКА, заслужаны ўрач рэспублікі, кандыдат медыцынскіх навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

***

Рабочы, селянін, начальнік…

Ды ў тым, упэўнен, моц мая,

Што не старонні назіральнік,

Мая дзяржава — гэта я.

Я тут сталеў, вучыўся, вырас

Як чалавек­грамадзянін…

Таму зусім не цягне ў вырай,

 Я там чужак, я там адзін.

А тут знаёмыя сцяжынкі

Жывуць са мной і днём, і ў сне,

Навокал кожная травінка,

Нібы сваячка для мяне.

Тут побач продкі і нашчадкі,

Як маці, родная зямля…

Адна на ўсіх бяда і шчасце,

I пахне вечнасцю ралля.

Заўсёды шчыра ганаруся,

I лепшая з узнагарод —

Што я часцінка Беларусі,

Маёй радзімы патрыёт.

 

***

Жыццё – сума мар і трывог,

І нельга пражыць без надзей,

Зямля павуціннем дарог

Яднае людзей.

У кожнага мэта свая,

Пад коламі траса пяе,

Любімая маці­Зямля

Прытулак дае.

І хочацца жыць і спяваць

Пад небам любві, дабрыні…

І кожнаму падарыць

Шчаслівыя дні.

 

***

Хвіліну кожную шукаю тэлефон

І набіраю мой любімы нумар…

А ты маўчыш, я стаўлю на дазвон,

Бо без цябе трывожна мне і сумна.

Твой родны голас хочацца пачуць,

І зноў, і зноў прызнацца у каханні.

Страх адзіноты цяжка не адчуць,

Калі прыходзіць доўгае расстанне.

Мне не хапае позірку твайго,

Калі з дакорам,

а часцей з пяшчотай,

Я разглядаю вечарам яго

На пажаўцелых з цягам часу

фотках.

Мне не стае тваіх ласкавых слоў,

Чакаю іх, стаіўшы я дыханне…

Мне не стае цябе, мая любоў,

І гэта называецца каханнем.

 

***

Вясна, як раніца жыцця,

За небасхілам невядомасць,

Вяртае мары з небыцця

І цягне ў падарожжа з дому.

Паветра хмеліць галаву –

Любуюся палескім краем,

Дзе у азёраў сіняву

Трывожны месяц пазірае.

Дзе засталіся карані

Маёй любві да Беларусі,

Дзе аб каханні ў вышыні

Курлычуць жоравы і гусі.

 

Медыкам Беларусі прысвячаецца

Быць на варце жыцця

 Сл.С.Карыцька     Муз. Э.Зарыцкі

Зноў надзею вяртаць з небыцця,

Несці ў сэрцах гуманнасць адвечна,

Быць на варце самога жыцця –

Ганаровая мэта, бясспрэчна.

Прыпеў:

За здароўе бацькоў і дзяцей

Вашу працу шануе краіна.

Толькі тыя,

хто любіць аддана людзей,

Выбіраюць свой шлях ў медыцыну.

Медыцынскія сёстры, ўрачы

Нас бароняць ад болю і гора.

Сівізна і ўзоры маршчын –

Гэта лёсы бальнічных гісторый.

Прыпеў.

Вы – крыніца для нашых надзей,

Хай жа радасцю поўніцца сэрца,

Бо ахоўваць здароўе людзей –

Ганаровая доля, паверце.

Прыпеў.

Новы дзень над зямлёю плыве,

Азараецца светам краіна,

Хай для шчасця народа жыве

І працуе заўжды медыцына.

Прыпеў.